На стале — шматкі разнастайнай тканіны, нажніцы, ніткі, іголкі і нават сподак. У хуткім часе дзякуючы руплівасці ўдзельнікаў гуртка «Швейная майстэрня» на свет з’явяцца прыгожыя лялькі і сурвэткі.
Нямала намаганняў даводзіцца прыкласці майстрам, бо ва ўсіх розныя магчымасці. У аднаго праблемы са зрокам, другі не можа выразаць па контуры, нехта не здолее зрабіць роўны шывок, а камусьці няпроста сканцэнтраваць увагу. Таму кожны выраб — вынік зладжанай калектыўнай працы. А добразычлівы кіраўнік гуртка Ларыса Каліноўская дапамагае сваім наведвальнікам увасобіць іх творчыя задумы.
І трэба адзначыць, што кожная рэч выклікае здзіўленне і захапленне, бо зроблена акуратна, прыгожа і з любоўю. Да таго ж майстры асвоілі шмат разнастайных мастацкіх тэхнік.
Гэтыя вырабы можна набыць у «Сувенірнай лаўцы», якая знаходзіцца ў памяшканні ТЦСАН, ці ў магазіне «Простыя рэчы». Таксама супрацоўнікі і наведвальнікі цэнтра прапануюць свае работы на розных гарадскіх масавых мерапрыемствах.
Уся гэта прыгажосць карыстаецца значным попытам як у браслаўчан, так і ў гасцей горада.
Алена ПЯТУШКА.